Kolekcja tłumaczeń – język białoruski

Kolekcja tłumaczeń

Język białoruski

Zbigniew Włodzimierz Fronczek

Bohdan Zadura


Zbigniew Włodzimierz Fronczek

Чатыры ўвасабленьні Сафіі О.
[Cztery wcielenia Zofii O.]

     Сафію О. я ведаю ў твар. Яна зьяўляецца ў мейсцах, якія я люблю, і дзе часта бываю: у кавярні “Сьвітанак”, кінатэатры “Космас”, саскім садзе.
     Некалі ў кнігарні “Альбатрос” яна чытала свае вершы.
      Так што яна паэтка, мае мужа, ня ведаю, ці ёсьць дзеці.
      Аднойчы ў бібліятэцы загарадзіла мне дарогу.
      – Ведаю пра цябе больш, чым ты думаеш, – аб’явіла яна. – Хачу, каб ты таксама тое-сёе ведаў пра мяне! Я на гэтым сьвеце ўжо чацьверты раз! Разумееш? Не разумееш! Дык паслухай!

1.
У 1675 годзе я была іспанскай князёўнай, і ў сваю пятнаццатую вясну нешчасьліва закахалася. Нешчасьліва таму, што маім абраньнікам быў вандроўны фокусьнік. Мы ня здолелі ўцячы, і бацькі аддалі мяне ў кляштар. Я памерла з роспачы праз тры гады ад нікому не вядомай хваробы, хоць той-сёй наўпрост казалі, што пэўна ад журбы ды жалю. Пасьля мяне засталося сто шаснаццаць баладаў. Іх сьпяваюць да сёньня, а ніхто ня ведае, што іх аўтарка – гэта я. Учора я пачула адну зь іх па радыё ў выкананьні самаго Жоржа Брасанса!

2.
Векам пазьней я зьявілася зноў. У 1796 годзе я мела шаснаццаць гадоў і першага мужа. Мы вандравалі па прэрыях Амерыкі. На рацэ Агасіз яго застрэліў і на маіх вачах скальпіраваў індзеец. У ягоным намёце я вырабляла скуры і вэндзіла мяса.
Пальцы мае загрубелі, а пазногці зрабіліся як кіпцюры. Я думала, што ператваруся ў мядзьведзя. Не, нічога такога не зрабілася, а неяк на нас напалі невядомыя мужчыны, адзін забраў нашых коней, другі скуры і зброю, а трэці мяне. Мы адышліся ў аддаленае мейсца, дзе ў нізіне стаяў драўляны дом, а далей былі горы ў белых сьнежных шапках. Ён быў добры да мяне, пасьля дзевяці месяцаў я памірала ад родаў, а ён над мною плакаў. Ты можаш сабе ўявіць, што я сумую па ім так, як ні па кім іншым?
Адкуль я гэта ведаю? Са сноў! З кожным чарговым я даведваюся ўсё новыя рэчы!

3.
Сто пяцьдзесят гадоў таму ўсе захапляліся маімі бліскучымі вачыма, сьветлымі валасамі і танклявай паставай. Я не падазравала, што мяне задушыць бандыт, наняты каханкаю майго мужа. Ён накінуўся, калі я адна была на кухні, і сьціснуў пальцы на маёй шыі. Я пасьпела заўважыць, што падабаюся яму, і разарвала сукенку такім чынам, каб агаліць грудзі. Ён не ўтрымаўся, каб іх не памацаць. А калі рассмакаваўся, я ўдарыла яго збанам. На жаль вельмі слаба, зьнепрытомнеў толькі на імгненьне, я не пасьпела ўцячы. Я добра зрабіла, што прычыніла нягодніку боль, аблегчыла яму забойства, ён забіваў ужо не за грошы, а з-за нянавісьці. Так што доўга не цярпела.
Навошта гэта кажу? Ты нагадваеш мне таго бандыта!

przełożył Paweł Lachnowicz

Цёця Маня ляціць у Амэрыку
[Ciocia Mania leci do Ameryki]

Трымае ў руцэ квіток і візу ў Амэрыку.
У Чыкага чакае сын Кшыштоф, нявестка і ўнукі. І праца. Будзе прыбіраць, гатаваць, даглядаць садочак.
На аэрадроме побач дочкі са сваімі мужамі.
Пазірае над нашымі галовамі. Можа бачыць вёску, сваю Домбе, хату падпертую каламі і развалены плот.
Там прайшлі яе вёсны і восені, леты і зімы.
Міналі пасяўныя і дажынкі. Штогод вагон буракоў і бульбы. Адна. Дзядзька рана спачыў на цьвінтары.
Здолела перажыць, вытрываць.
Адкарміць парася, выгадаваць ката і сабаку. Набыць для дзяцей абутак, сшыткі, часам кніжкі. Заўжды здаровая.
Была раз у шпіталі, дык ад тугі памерла сучка Сойка.
Ці ад чагосьці іншага? Невядома. Папраўляе сівыя валасы.
Ужо 65 гадоў. А жыцьцё – толькі пачынаецца.

przełożył Paweł Lachnowicz

Лытка, язык, Львоў
[Łydka, język, Lwów]

Як жа па-рознаму праяўляецца жаночая страснасьць!
(Клеменс Чапля – народны мысьляр зь Вільчырога)

1.
Кепуру* у Вроцлаве жанчына ўкусіла за лытку!
За лыткі звычайна кусаюць сабакі – п’яніц і валацугаў, паштароў і камінараў, мужчын і кабет. Да нагі артыста дабрацца нялёгка! Тая, у Вроцлаве, павінна была ўзьдзерціся на сцэну, упасьці на дошкі эстрады і паўзьці да яго ног! Ён яе бачыў, мог адштурхнуць, адсунуць, яго згубіла – я думаю – пыха! Хацеў мець яе ля сваіх ступакоў! Глядзець, як зьлізвае пыл зь яго чаравікаў, якія, калі ён сьпявае, хочуць цалаваць усе брунэткі і бландынкі. Гэтую ён недаацаніў.
Яна ж нечакана з паклоньніцы ператварылася ў вампіра, і загнала свае маладыя, белыя зубы ў ягоную моцную лытку, і сык болю загучаў новым прыпевам.

2.
Ян Пюра, вясковы лекар з апатаўскага павету, прыняў 1000 родаў, склаў 500 зламаных рук, 300 ног і зашыў адзін язык. Лясьнічага! Перад гэтым язык апынуўся між вуснамі вастразубай Эдыткі. Я згадваю пра яе зь сімпатыяй. Калі б не яе страснасьць, сьпіс посьпехаў доктара Пюра ня меў бы гэткага эфектнага водару.

3.
Кабет ня варта асьцерагацца! – казаў Ян Земскі, самы лепшы адвакат у перадваенным Краснымставе**. Заўжды вытанчаны, прыязны, у цудоўным капелюшы.Усьміхаўся краснастаўскім дзяўчынкам, вучаніцам, галантна кланяўся іхным настаўніцам, цалаваў ручкі ўсіх бабуль і цётак. А да дзяўчат езьдзіў у Львоў. Асабліва цаніў армянак. Яны маюць самы гарачы ў сьвеце тэмперамент***. Армянак жа марна было шукаць у самой Варшаве, ня кажучы ўжо пра недалёкі ад Краснагаставу Люблін. Я думаў пра гэта цудоўнай восеньню 2013 году, калі і я паехаў паспытаць мёду на львоўскай вуліцы Армянскай.

*Ян Кепура (1902-1966) – польскі сьпявак (тэнар) і акцёр. Набыў міжнародную славу, у Польшчы небывалую папулярнасьць яму забясьпечыў (выконваемы і зараз) шлягер:
Брунэткі і бландынкі
Я ўсіх вас, дзяўчынкі
Зацалаваць хачу!

** Красныстаў – прыгожае павятовае мястэчка на рацэ з удзячнай назвай Вепж, на паўдарогі паміж Львовам і Варшавай. Там ніколі не бракавала прыгожых, гордых і адважных кабет. Адной зь іх, па-імені Рыфка, я шмат гадоў таму прысьвяціў апавяданьне “Антыгона з Краснагаставу”.

*** Пад уражаньнем тэмпераменту армянак быў таксама Тадэвуш Бой-Жаленскі – паэт, перакладчык французскай літаратуры, лекар, сатырык і бабнік. Пра іх зачараваньні, вабноты і тэмперамент згадваў у сваіх творах. Бой скончыў сваё жыцьцё ў Львове. Калі стаяў перад растрэльным зьвязам, ва ўнутранай кішэні пінжака меў фатаграфію маладзенькай армянскай паэткі Ганны Багасевіч. Куля, выпушчаная нямецкім жаўнерам прыбіла тую фатаграфію да яго сэрца.

przełożył Paweł Lachnowicz

Мяне б’е жанчына
[Kobieta mnie bije]

1.
Мяне б’е жанчына!* – Выбачайце, крык гэты замест жаху выклікае сьмех.
Мяне дзівіць – скажу так – зьдзіўленьне мужчыны, што гэта здарылася зь ім.
Ня ён першы, ня ён апошні!
Жонка гетмана Агінскага** кручвала срэбны талер у трубку, а мужа – як сьведчаць шматлікія летапісцы – хапала за каўнер і выстаўляла за вакно.
Гуманная баба, магла ж на брук ськінуць. Не кідала. Не таму, што брук цьвярды. Не хацела хуткага заканчэньня цудоўнай забавы.
2.
А нейкая блакітнавокая Ганна, саракагадовая і дагледжаная, кемлівы менэджар культуры, таксама магла сьціснуць кулачкі, пра што лепш за ўсіх ведае Караль, яе сужонак.
У той дзень, калі мы з Мецем і Стасем пацягвалі піва, ён знайшоў нас у садзе Саса і разьвесяліў падбітым вокам.
“Яна мяне б’е” – ён выклікаў жаль, а ня сьмех – і мы спачувалі.
– Хоць і я ня ўломак! – адчайваўся ён.
– Такая дужая!? – Спытаўся Стась.
– Як тур! – Урачыста запэўніў Караль.
Ведаў яе і я. Калісьці, калі ў яе жыцьці яшчэ не было Караля, я дазволіў сабе сьмелы жэст і даткнуўся да яе пляча.
Я не сустрэў адпору, таму яшчэ дасьледваў мяккі жывот і гладкія клубы. Я ведаю, што кажу. Гэта не было мускулістым целам атлеткі.
З таго моманту прайшло трохі гадоў.
Відаць набрала лютасьці і мускулатуры.

3.
– Мама! – Прасіў пяцігадовы карапуз, – яшчэ хвілінку пабуду! – І крэсьліў палкай на пяску іерогліфы. – Вяртайса, бо вушы надзяру, – было папярэджаньне.
Паслухмяна пасунуўся за матуляй.
Я глядзеў на іх з тылу. Бачыў яго паношаныя чаравічкі і яе зграбныя ногі, хвалю сьветлых валасоў, ягадзіцы, абцягнутыя спадніцай у клетку.
– Не адмаўляйся ад сваіх жаданьняў. Адкінеш іх, што застанецца табе? – Перасьцярог я малога.
Яна першай павярнула галаву. Мела прыгожы твар, толькі погляд быў як у цмока.– Калі хочаш гуза, то разаб’ю на тваім ілбе парасон! – прагучалі яе словы. У баладзе маэстра Адама*** падобны зварот выкарыстоўвае адзін зь нягоднікаў, калі б працытавала яго даслоўна, мы можа маглі б усьміхнуцца. Але ў дадзеным выпадку справа была не ў абмене ўсьмешкамі. Справа была ў выкананьні пагрозы.
А гэтага, вядома, я не хацеў. Таму я змоўк.

* Выраз прагучаў у фільме “Сэксмісія”, нашумелай польскай камедыі стагоддзя. Дзеі адбываюцца ў 2044 годзе, прачынаюцца двое мужчынаў, уведзеных у гібернацыю паўвекам дагэтуль. Але які гэта сьвет! У ім няма мужчынаў! Была вайна, усіх выбілі, жанчыны аднак цудоўна спраўляюцца адны, размнажаюцца дзякуючы партэнагенэзу (цнатліваму нараджэньню), а гэтыя двое, што прыбылі зь мінулай эпохі, яны лішнія. Жанчыны, стараючыся прыстасаваць іх да свайго грамадства, не адступяць перад кастрацыяй.
Мужчыны ня стануць жанчынамі. Мужчынскі пол будзе адноўлены. Але каб так сталася, мужчына вымушаны падвяргацца прыніжэньням, насьмешкам, зьбіцьцю. “ Жанчына мяне б’е” – выраз, які дарэмна выклікае ўсьмешку, ён зьяўляецца папярэджаньнем.

** Жонка гетмана, Аляксандра, уладарка Седльцаў, Агінская (1730-1798), кемны палітык, філантроп, прыгожая кабета, улюбёнка мастакоў і артыстаў, і пры тым адораная незвычайнай фізічнай сілай і небанальным – як сьведчаць закліканыя летапісцы – пачуцьцём гумару.

*** Ва ўзгаданай тут баладзе Адама Міцкевіча “Вяртаньне таты” адзін разбойнік кажа злоўленаму купцу: ,,Буду першым, хто паламае палку на тваёй галаве…”. Пагрозы ня выканае, сэрца разбойніка разьмякне ад словаў дзіцёнка. Так, так, існуюць словы, пасьля якіх – як перакананы паэты – з рук выпадаюць мячы…

przełożył Paweł Lachnowicz

Ястраб, заяц і балотны лунь
[Jastrząb, zając i błotniak stawowy]

Усе птушкі – драпежнікі, кажуць арнітолагі. Драпежным зьяўляецца дрозд,
што глытае сьлімака, і верабей, што пільнуе муху.
Тыя, што ловяць драздоў і вераб’ёў – гэта кіпцюрастыя.

З такой высновай цяжка не пагадзіцца.

1.

Ястраб нападае на галубоў, а не на людзей ці вайсковыя аўтамабілі, аднак Станіслаў Смага, хвацкі ўзводны, быў атакаваны птушкай. Вёз баепрыпасы на палігон. Сьвяціла сонца, узводны думаў пра вячэрняе спатканьне зь дзяўчынай, яе пазногці колеру крыві, пяшчотныя слоўцы і шэпты, расшпільваньне гузікаў на блузцы, сьціснутыя калені, якія яму прыдзецца цалаваць і лашчыць, калі з паветра яго атакаваў ястраб, вялікі як самалёт. Параўнаньне з самалётам, нават з баявым, падаецца адпаведным, бо хто ж, ці што ж атакуе вайсковыя транспарты? ”Мабыць свой цень на шкле траспартнага сродку прыняў за лёгкую здабычу”, – дакладваў горды за сябе ўзводны, бо яго сродак без пашкоджаньняў выйшаў з птушынага налёту.

2.

Даўно-даўно, у часы студэнцкіх эскападаў, я халодным вясеньнім апоўднем рухаўся па адным зь бескідскіх шляхоў*. Дарогаю да Яськіні Нядзьвежай я натрапіў на мёртвага ястраба, распасьцёртага ў цярновым кусьце. У кіпцюрах ён трымаў нежывога зайца. Вось, схапіў яго за тыдзень, ці, можа, два перад маім падыходам. Упаляваны шарак апошнім скачком зацягнуў свайго забойцу ў калючы зарасьнік і ўзаемна злавіў яго ў сьмяртэльную пастку.
Ахвяра стала забойцам, забойца – ахвярай.
Гэта навука, паведамленьне, перасьцярога? Якая?
Я доўга кранаў птушыныя пёры, кіпці, разяўленую дзюбу мёртвага караля драпежнікаў, замучанага ў цярновай пятлі.

3.

Кажуць – абавязак і сьмерць не мінецца.Сьмерць – згодзен, не міне, ад абавязку ж той і гэты спрабуе выкруціцца. Бывае, што некаторым удаецца. Адзін з маіх вінаваўцаў замест пазычаных грошай прынёс чучала птушкі. Яшчэ кажуць – ад кепскага вінаваўцы і мякіну бяры! Я пакорліва прыняў мёртвага птаха. Быў гэта балотны лунь, вялікі драпежнік, карычнева-сіні, і, натуральна, кіпцюрасты. З халоднымі вачыма са шкляных пацеркаў, пад крыламі мяшэчкі зь хімікаліямі, каб ня жэрла нахабная моль. Я падзякаваў і тым жа вечарам вынес экспанат у парк паблізу.
На сьвітанку я птушку не знайшоў.
Не сумняюся – набраў у лёгкія сьвежага паветра.
І адляцеў.

* Шляхі Бэскіду Сандзецкага для бясьпечнасьці турыстаў абазначаны каляровымі знакамі. Мой зялёны шлях вёў з Ламніцы праз Халю Пісану і Верх-на-Каменьні. Там, дзе ад Верху адыходзіць сьцежка да Яськіні Нядзьвежай, я і натрапіў на незвычайнае зьвярына-птушынае поле бою.

przełożył Paweł Lachnowicz

Пастраляем
[Postrzelamy sobie]

1.

Яму было пятнаццаць гадоў, і ён быў каралём маёй вуліцы. Ягонай зброяй была рагатка. Вісус – казала пра яго мая маці – забараняю зь ім сустракацца! А я, сямігадовы, як канюк дажджу* прагнуў быць сьведкам яго “подзьвігаў”. Пасьля апоўдня ён страляў па малочных і піўных бутэльках, расстаўленых на руінах Замкавай Гары. Пры меткіх стрэлах яны з трэскам лопаліся, як арэхі пад малатком. Заўзятарам мог быць ня кожны, толькі абраным дазваляў даткнуцца да сваёй зброі. Калі ён стрэліў па бяздомным сабаку, я шпурнуў у яго гнілым яблыкам. Нятрапны кідок ён успрыняў як аб’яўленьне вайны. Я здолеў уцячы, але быў вымушаны пільнавацца, каб ня трапіць яму ў рукі. Час ішоў, а я пазьбягаў кары, што выклікала ў ім злосьць. Неяк ён зьявіўся ля брамы майго падворка. – Вазьмі пару бутэлек, – паклікаў прымірэнча, – пастраляем! Я ня даўся выманіць сябе за муры крэпасьці, ведаў, што атрымаў бы аплявух. І нечакана ён зьнік з вулічнага ландшафта. Настаў час без караля. Выйшлі з моды рагаткі

2.

Ян Юзаф Шчапанскі, майстар прозы, неблагі альпініст і ўпарты вандроўнік, напрыканцы жыцьця запісаў гісторыю пасьляваеннага пахода. Малады і дужы, ён рухаўся хрыбтамі Татраў уздоўж польска-чэхаславацкай мяжы. Бесклапотна перасёк яе, ды вось няўдача – наткнуўся на чэскі патруль. Засаромеўся, вядома, як дзіцёнак, злоўлены ў суседскай маліне. Памежнікі маглі пажадаць добрага дня і пайсьці далей сваёй дарогай, але маглі і арыштаваць, абвінаваціць у шпіянажы, ды нават застрэліць. Камандзір са зьдзеклівай усьмешкай на твары прапанаваў спаборніцтва ў стральбе. Паставіў на пянёк бляшанку з-пад кансерваў і прапанаваў затрыманаму пісталет. Той ня мог адмовіцца, і ня мог стрымаць трымценьня рук**,так што сьхібіў. А чэх бліснуў трапным стрэлам. Задаволены сабою, а можа і пярэпалахам турыста, ласкава дазволіў яму вандраваць далей.

3.

У той час, калі Шчапанскі пісаў апавяданьне пра прыгоду ў гарах, я хадзіў па Афрыцы. У Алжыры трапіў на аўтамабіль да аднаго афіцэра, мы праехалі 200 кіламетраў праз пустыню Эрг Шаш, жоўты колер рэзаў вочы, да скуры прыліпаў пясок. У нейкую хвіліну ён спыніў аўто, я не выключаю, што адчуў стомленасьць.
– Страляць умееш? – Зьдзівіў ён мяне пытаньнем.
– Умею – запэўніў я. Нешта ж павінен быў сказаць?
– Дык пастраляем! – Сказаў хутчэй сабе, чым мне. Я яшчэ не разумеў. Зразумеў, калі на заднім сядзеньні заўважыў прыкрыты посьцілкай карабін, добра знаёмую мне разнавіднасьць Калашнікава. Выграб з багажніка пяць бляшанак з-пад піва. – Усталюйце іх, – рукою з карабінам паказаў на прастору перад намі. Я пайшоў уперад, а ён за маёй сьпіною – я гэта выразна чуў – адцягнуў затвор карабіна. Стрэліць у сьпіну! – Мільганула ў маёй галаве, і я ўжо хацеў упасьці на зямлю, паўзьці, або – гэта таксама мільганула – уцякаць скачкамі, зігзагам! Пакуль што ня стрэліць, – пераконваў я сябе, –труп захоча кінуць у пясках, далей ад шашы. Так што я маю яшчэ хвілінку жыцьця. Як яго захаваць? Яшчэ крок, можа два, тры, а тады – на зямлю! Пот заліваў мне вочы. – Досыць! – Закрычаў ён.
Я павярнуўся. Не, у мяне ня меціўся. Трымаў карабін руляй угору. Я ўсталяваў бляшанкі. Ён выстраліў, калі я вярнуўся. Пацэліў па чатырох, прастрэленыя блямкнулі, а пятую куля не зачапіла. Тады падаў карабін мне. Я застрэліў пятую і прашыў кулямі тыя чатыры, ужо зьнявечаныя ім.
– А вы хто? Вырвалася ў яго пытаньне – па-расейску, вядома – бо вучылі яго ў Маскве.
– Настаяшчый снайпер*** – прамармытаў я таксама па-расейску, бо нешта ж трэба было сказаць?

* ”Прагне, як канюк дажджу” – старая польская прыказка. Канюк жа – гэта прыгожы драпежны птах, які калісьці меў сьмеласьць пярэчыць Госпаду Ісусу. А было так: Госпад Ісус склікаў усіх птушак капаць канаву, па якой павінна была пацячы Вісла. Фанабэрлівы канюк адказаў, што працай не апаганіцца, бо можа запэцкаць пер’е. За пыхлівыя словы атрымала птушка цяжкое пакараньне: ня можа яна піць вады з рэк і сажалак, а праганяе смагу толькі кроплямі зь лісьця дрэў, кустоўя, ды кветак. Адсутнасьць ападкаў выракае гэтых птушак на моцныя пакуты, таму кружацца яны над лясамі і лугамі і жаласнымі галасамі просяць у Госпада Ісуса дажджу: “Піць вады, піць вады!”.

** Лягчэй – так кажуць – выстраліць у чалавека узброенага, чым безабароннага. Шчапанскі пра гэта ведаў, таму нічога дзіўнага, што прыняў прапанову зброі – на шчасьце памылкова – за кепскае прадвесьце. Таму зразумела, што ўзрадваў яго трапны стрэл чэскага жаўнера.

*** Настаяшчый снайпер – сапраўдны снайпер.
Хто мяне ведае – ведае, што я не прыдумляю. Я страляю, як мала хто. Дыпломы за перамогі ў стралковых спаборніцтвах займаюць паўсьцяны майго пакою. Ды і ў войску ня меў сабе роўных, з гранатамётаў разьбіваў – як ніводзін іншы жаўнер – макеты гармат, танкаў і бронетранспарцёраў.

przełożył Paweł Lachnowicz

Адамавы жонкі
[Żony Adama]

– Ці сюды прыдзе якая!? – Пытаўся ён ці то ў мяне, ці ў сябе, і азіраў адзіны пакой хаты. На куце кухня з выцяжкай, старажытны стол, расьхістаныя крэслы, ложак. Газавая лямпа. Вядро, мядніца, на падворку студня і прыбіральня. Меў дваццаць пяць-дваццаць шэсьць гадоў і запушчаны туберкулёз. Пустую хату ў маёй вёсцы, бязьдзетныя гаспадары якой памерлі пару гадоў таму, атрымаў ад гміны ў пажыцьцёвую арэнду. Усё шэрае, толькі за вакном чырвоныя і жоўтыя мальвы, фіялетавыя флоксы. Яны цьвітуць шмат гадоў нават па сьмерці садоўніка. Такім чынам былі, так бы мовіць, скарбы і ў гэтым падворку. Сам я выглядзеў ў скрынцы з паламаным начыньнем чыгунную ступу, якую ён, здаецца бяз жалю, аддаў мне.
Ці сюды якая прыдзе? – Запытаўся зноў, маючы на ўвазе, вядома, кабету.

1.

Прыйшла, нават прыйшлі.
Першай зьявілася Ізаўра*.
Гэта не было сапраўдным імем, а толькі прыемнай мянушкай, падараванай мясцовым жартаўнікам новапрыбылой у гэтыя мясьціны. Танклявая, блакітнавокая, бесклапотна вандруючая па сьвеце, яна затрымалася ў нашых Ясёнах. Быў час збору парэчак. Граф Фердынанд даваў працу на зборы ўсім, хто ў той час ня меў лепшага занятку. Адам падгледзеў, што неяк перад апоўднем граф паваліў Ізаўру на зямлю паміж шэрагамі парэчак і зрабіў тое, што робяць з кабетаю. А ўвечары Адам зрабіў зь ёю тое ж самае. Таксама ў парэчках. Бліжэйшую ноч яны правялі ўжо не ў бараку, дзе спалі наёмныя парабкі, а ў хаце Адама. Ня толькі тую ноч, але і шмат наступных. А пад восень яна пайшла ў толькі ёй вядомым кірунку. Пасьля яе засталася запазычанасьць ў мясцовай крамцы, дзе каля пяцідзесяці дзён брала на павер папяросы і самае таннае віно, пад назовам “Сандамірскае”, салодкае.
Адам запазычанасьць сплаціў, хоць ніхто яго не прымушаў. Сваёй сумленнасьцю зьдзівіў крамшчыка і яго кліентаў. Але раз ужо сказаў пра Ізаўру “мая баба”, то яе запазычанасьць была і ягонай.

2.

Барбара Ліства паходзіла з суседняй вёскі Качыныя Долы і, калі прыехала дабівацца спадкаў пасьля ойчыма, мела, як яна падлічыла, пяцьдзясят пяць гадоў. Але лаві вецер у полі – гаспадарка прададзена, родны брат Юзак мяце вуліцы ў далёкай Амэрыцы, а на яе – не яе дзялцы паўстаў новы дом, гаспадар якога на праблемы Барбары мог толькі без спагады разьвесьці рукамі. Занесла дзьве валізкі, зьвязаныя шнурам, да мясцовай крамкі, дзе ўсю другую палову дня піла піва і папераменна то плакала, то сьмяялася. Знаходзіўся там і Адам, глядзеў, думаў, і паколькі быў адзіны, прапанаваў ёй начлег. Не адмовілася, а раніцою вымыла яму чатыры кашулі. На абед елі бульбу з баршчом, на вячэру – клёцкі з салам. Памерла яна ад запаленьня лёгкіх бліжэйшай зімою, пахаваў ў сасновай труне і яшчэ два гады запальваў на яе магіле сьвечкі. Казалі пра яго “удавец”, з іроніяй трэба разумець, бо хоць жылі яны разам, аб шлюбе ніколі, напэўна, ня думалі

3.

Трэцюю адабраў у кульгавага Метака. Той быў на пару гадоў старэйшы за Адама, меў жонку Марту і двое дзяцей. Ім гміна таксама дала ў нашай вёсцы старую хату, вельмі кепскую, лепшай у ваколіцы ўжо не было. Дзіравы дах ён старанна латаў бляхай са старых вёдраў, хапала гэтага не надоўга, але ў рамонтных намаганьнях ён не спыняўся. Калі разваліўся комін, Метак зь дзецьмі павандраваў далей, а Марта пераехала ў дом Адама. Празь нейкі час нарадзіла яму сына. Некаторыя казалі, што гэта дзіцятка Метака. Я думаю, што Адама. Калі малому споўнілася тры ці чатыры месяцы, Марта пайшла ў сьвет, не за Меткам, сваім шляхам.. А Адам неўзабаве памёр, не з-за згрызотаў, як ужо казалі, здароўе меў ніякае.
Хлопчык – ня памятаю яго імя – трапіў у дзіцячы дом.
Праз колькі гадоў на вуліцах Любліна пабачыў я маладога чалавека, нават няблага апранутага, які здаўся мне вельмі падобным на Адама. Хвала Богу, я хацеў верыць, што гэтаму пашанцавала.
Засталася яшчэ ступка, я захоўваю яе ў сваім музеі.

* Я павінен прысьвяціць хвілінку гучнаму імені Ізаўра, вельмі відаць папулярнаму ў іспанска-партугальскамоўных краінах. Але і ў Польшчы не бракуе Ізаўр! Усё з-за бразільскага серыялу “Рабыня Ізаўра”, які з задавальненьнем глядзелі ў Польшчы ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Фільм шмат каго сьмяшыў, але шмат каго і хваляваў. Тыя, хто паддаўся таямнічаму абаяньню прыгожай рабыні, адорвалі сваіх дачок яе імем.

przełożył Paweł Lachnowicz


Bohdan Zadura

Безь пяці дванаццаць
[Za pięć dwunasta]

сьмерць дае больш магчымасьцяў выбару
таму мы пытаем ад чаго памёр а не
ад чаго нарадзіўся

przełożył Andrej Chadanowicz

Сьнежаньскі вечар
[Grudniowy wieczór]

Праз а
іка
я ўбачыў шыльду з надпісам
МІЖНАРОДНЫ ПАРК МІРУ
І ДРУЖБЫ НАРОДАЎ
ВАЕННЫЯ МОГІЛКІ

у вітрыне кнігарні
я ўбачыў кнігі
Прароцтвы і прадказаньні
пра канец сьвету і польскія інтарэсы

у маім доме
яўна ня ўсе дома

адзіная просьба, Амэрыка

ці не магла б ты
зьдзяйсьняць свае міты
у сябе дома?

przełożył Andrej Chadanowicz

Паэт вядзе гутарку з народам
Poeta rozmawia z narodem

І дочкі ахмістрынь чытаюць без нуды.
Як лепшага няма – бярэ палац тады.
А. Міцкевіч

Тыдзень не размаўляе са сваім сынам
(каб сыноў было болей
мог бы прынамсі
паразмаўляць зь іншым)

Месяц не размаўляе зь цешчай
(добра што ня мае іншых
і можа не размаўляць
толькі з адной)

Шэсьць месяцаў не размаўляе з выдаўцом
(выдавец збанкрутаваў і цяпер
разводзіць паўлінаў і папугаяў)
магло быць і горай

А вось дочкі ахмістрынь у поўным парадку
і на моладзь збольшага няма чаго наракаць
ратапрынты працуюць дырэктаркі дамоў культуры
усьміхаюцца перадаюць буські

Вольнага часу ўдосталь
можна сьмела заводзіць гутарку з народам
але народ мусіў бы
выбраць нейкую дэлегацыю

Або дырэкцыя тэлебачаньня
мусіла б прызнаць што гэта важна

Або трэба ўзяць нейкіх закладнікаў
і патрабаваць эфірнага часу ў якасьці
маральнай кампэнсацыі (час – гэта грошы)

Хтосьці ж павінен заплаціць народу
чым моц яго магла

Хоць ён ня ўмее граць на дудцы
ня мае жалейкі і нават смыка
гэта яго прафэсійны абавязак

Бо гэта ж яго старэйшыя калегі па пяры
аднойчы нарадзілі гэты народ (а значыць
і яго самога? калі не лічыць біялягічных бацькоў)

Так што хто калі ня ён мае аддаць народу
апошні доўг?

(Хоць некалі здавалася
што ўсё заўжды будзе якраз наадварот)

przełożył Andrej Chadanowicz

Іншы пакой
[Inny pokój]

нейкую хвілю
пасьля абуджэньня
яшчэ ня ведаеш
дзе ты

аднойчы
так можа застацца
ўжо назаўсёды

przełożył Andrej Chadanowicz

Невядомыя матывы
[Nieznane motywy]

Разьбітая шыба кіёска
рудыя сьляды крыві
губляюцца дзесь ля вакзалу

Усё што засталося ад апавяданьня ночы
сонца на шкле брунатныя кляксы на тратуары

przełożył Andrej Chadanowicz


 

 

Wpłać dowolną kwotę na działalność statutową.
"Akcent" jest czasopismem niezależnym. Wschodnia Fundacja Kultury -
współwydawca "Akcentu" utrzymuje się z ograniczonych dotacji
na projekty oraz dobrowolnych wpłat.
Więcej informacji w zakładce WFK Akcent.